ПРЫДА́ТКАВЫЯ О́РГАНЫ раслін, адвентыўныя органы раслін,
пупышкі, карані і інш. органы, якія ўтвараюцца ў месцах, у якіх яны звычайна не развіваюцца. Узнікаюць адносна позна (часта з другасных мерыстэм) і эндагенна. Прыдаткавыя карані ўтвараюцца на сцёблах, лістах, часам на старых стрыжнёвых каранях, якія страцілі першасныя мерыстэмы; прыдаткавыя пупышкі і парасткі — на каранях, у міжвузеллях сцёблаў (у адрозненне ад нармальных пазушных пупышак), на лістах.
Для многіх раслін утварэнне П.о. — заканамерны працэс, замацаваны генетычна. Важную ролю яны выконваюць у вегетатыўна рухомых (карэнішчавых, паўзучых) раслін і тых, што размнажаюцца вегетатыўна, калі новыя асобіны аддзяляюцца ад матчыных раслін (напр., кусты суніц — з вусоў, бульбы — з клубняў) і маюць толькі прыдаткавыя карані. Здольнасць да ўтварэння П.о. выкарыстоўваецца ў раслінаводстве, лесаводстве, інтрадукцыі раслін (чаранкаванне, размнажэнне атожылкамі, дзяленне карэнішчаў).
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)